Пра кнігу

Прадмова Уладзіміра Арлова

Дарагія чытачы! Вы трымаеце ў руках незвычайную кнігу. Такое выданне, прысвечанае мінуламу Беларусі і адрасаванае найперш юным чытачам, з’явілася ўпершыню. Яно выходзіць у дзвюх частках і ахоплівае гісторыю нашай краіны ад з’яўлення на ёй старажытнага чалавека да аднаўлення беларускай незалежнасці на пачатку 1990-х гадоў.

Чытаючы першую частку кнігі, вы здзейсніце захапляльнае падарожжа ў часе. З Полацкай зямлі эпохі Рагвалода і Рагнеды, Усяслава Чарадзея і Еўфрасінні вы трапіце ў іншыя  старажытнабеларускія княствы – Смаленскае і Тураўскае, а затым – у Вялікае Княства Літоўскае. У гэтай магутнай дзяржаве, якая ў часы росквіту распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора, панавала беларуская культура, а нашая мова была дзяржаўнаю. На ёй гаварылі вялікія князі ды магнаты, на ёй пісалі законы і вялі дыпламатычнае ліставанне, складалі летапісы і друкавалі кнігі.

Вас чакае сустрэча з выдатнымі гістарычнымі асобамі, сярод якіх вялікія князі Альгерд і Вітаўт, канцлер Леў Сапега, найвышэйшыя гетманы Канстанцін Астрожскі, Ян Кароль Хадкевіч і Януш Радзівіл, паэт Мікола Гусоўскі і вынаходнік Казімір Семяновіч, асветнікі Сімяон Полацкі і Галляш Капіевіч, паўстанцкія правадыры Тадэвуш Касцюшка і Якуб Ясінскі.

Кніга прывядзе вас у палац магната і ў хату простага беларуса-ліцьвіна. Яна дазволіць стаць поплеч з абаронцамі Айчыны на палях Грунвальдскай, Клецкай, Аршанскай бітваў. Дасць магчымасць наведаць рыцарскі турнір у Вільні і зазірнуць у друкарню Францішка Скарыны. Вы даведаецеся, як выглядалі старадаўнія беларускія гарады, якія непазнавальна змянілі сваё аблічча.

Усё гэта сталася магчымым дзякуючы надзвычай багатаму ілюстраванню кнігі. Змешчаныя на яе старонках малюнкі і найперш панарамныя ілюстрацыі-разгорты – не плён фантазіі мастака. Каб зрабіць іх, трэба было вывучаць раскопкі гарадоў і замкаў, музейныя рэчы, архітэктурныя планы, старадаўнія гравюры, раіцца з спецыялістамі ў ваеннай гісторыі і даўнейшай культуры.

Разам з мастаком вы падыдзеце да толькі што збудаванага ў Полацку Сафійскага сабора, спыніцеся перад Магілёўскай ратушай і знакамітай Мікалаеўскай царквой у Берасці, наведаеце легендарныя Наваградскі, Крэўскі, Гарадзенскі і Смалянскі замкі.

Кніга падаруе вам дотык да жывой беларускай гісторыі.