Рыхтуецца другая частка!

Пры канцы ХVІІІ стагоддзя занятая ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай царскімі войскамі Беларусь надоўга трапіла ў адста­лую Расейскую імперыю, якую справядліва называлі «жандарам Еўропы» і «турмой народаў». Аднак нашы продкі ніколі не спынялі змагання за права самім быць гаспадарамі на роднай зямлі.

Расейскім каланізатарам не ўдалося ператварыць былы абшар Вялікага Княства Літоўскага ў пакорлівы і спакойны край. Параза паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі не зламала баявога духу патрыётаў. У нашых гарадах і мястэчках дзейнічалі таемныя суполкі і арганізацыі. Людзей арыштоўвалі, катавалі, высылалі ў Сібір і каралі смерцю. Ды на іх месца заўсёды станавіліся новыя змагары, гатовыя аддаць свае жыцці за свабоду Айчыны.

У 1831 годзе мужныя людзі нашага краю чарговым разам узялі ў рукі зброю. Сілы былі няроўныя, і царскім карнікам удалося за­душыць паўстанне. Аднак у 1863 годзе продкі на чале з Кастусём Каліноўскім зноў узняліся супроць расейскага панавання. У шэра­гах паўстанцаў было ўжо нямала тых, хто ваяваў не за аднаўленне Рэчы Паспалітай, а за будучую вольную Беларусь. Расея патапіла паўстанне ў крыві, ды не здолела забіць імкнення да свабоды.

Нашае Адраджэнне набірала сілу і ўрэшце прывяло да абвяш­чэння 25 сакавіка 1918 года незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларусы зноў сталі народам дзяржаўным, але да сапраўднай незалежнасці трэба было прайсці доўгі і цяжкі шлях.

Пра ўсё гэта вам раскажа другая частка кнігі «Айчына. Маляўнічая гісторыя», створанай пісьменнікам Уладзімірам Арловым і мастаком Паўлам Татарнікавым.

ХОЧАЦЕ ВЕДАЦЬ, КАЛІ ЯНА ВЫЙДЗЕ?